Літаратурная гасцёўня з цыклу “Паэты Ваўкавышчыны"
31 сакавіка ў каледжы прайшла чарговая літаратурная гасцёўня з цыклу “Паэты Ваўкавышчыны”. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры Ленец Алена Леанідаўна, ініцыятар і вядучая гасцёўні, запрасіла кіраўніка ваўкавыскага літаратурнага аб’яднання “Муза”, паэтэсу Настассю Токараву-Самушчык. З вялікім захапленнем нашы навучэнцы сустракалі маладую, прыгожую, таленавітую жанчыну, якая з першага погляду ўсім спадабалася.
Гледачамі і слухачамі мерапрыемства былі навучэнцы першага і другога курсаў (З-11, З-12, В-11, У-11, Э-21 групы), выкладчыкі і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Б.І. Жардзецкая.
Увазе аудыторыі Настасся падрыхтавала аўтабіяграфічную прэзентацыю, дзякуючы якой усе змаглі здзейсніць вандроўку па самых патаемных кутках жыцця паэтэсы, пачынаючы з дзяцінства і да нашых дзён.
Асаблівае ўражанне выклікалі вершы, прысвечаныя матулі. Слухаючы такія шчырыя і пяшчотныя словы, хочацца самому напісаць верш, бо сэрца перапаўняецца любоўю. А гэта самое галоўнае пачуццё ў жыцці, якое дае крылы і натхняе на творчы ўзлёт.
На сустрэчы прагучала шмат розных вершаў, але самае галоўнае, усе прысутныя мелі магчымасць пачуць іх з вуснаў аўтара.
Прыемна ўразілі ўспаміны Настассі аб яе творчай настаўніцы Тамары Мазур, якая таксама з’яўляецца нашай зямлячкай, але, на жаль, зараз жыве ў горадзе Гродна. Зразумела, нельга было не ўспомніць яе вершы, якія выдатна прачыталі навучэнкі групы У-11 (Жуйкова А, Заблоцкая К, Ігнатчык А, Чарняк І, Шаршуновіч К, Пачакута К.).
Прыемна, што сучасная моладзь усё ж такі цікавіцца сапраўднай паэзіяй. Хто ведае, а можа каго і натхніла гэта сустрэча і хутка з’явіцца новая зорка на нашым паэтычным небасхіле…
-
Фото: Гуляй В.А.