Да Дня роднай мовы
Магчыма, гэта і не нова,
Што слова – зерне на сяўбе,
А хто не любіць роднай мовы,
Той любіць толькі сам сябе…
С. Грахоўскі
Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіла Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.
Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў Дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Дні роднай мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі толькі з 2009 года.
У кожнага народа ёсць свае песняры. Багата на іх і наша беларуская зямля. Кожны з іх стараўся данесці свае думкі і пакінуць свае запаветы. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”, - папярэджваў больш за сто гадоў назад Францішак Багушэвіч. А перажываць сапраўды было за што. Неаднойчы беларускую мову прыніжалі і вынішчалі.
Як адчайны пратэст супраць гэтага гучалі ў свой час словы Пімена Панчанкі:
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
“Роднае слова – святы ізумруд,”- так пісаў пра мову Уладзімір Караткевіч. Хіба можна прыдумаць лепшае параўнанне, каб перадаць каштоўнасць гэтага скарба? Жыве мова – жыве народ. І пакуль кожны беларус будзе разумець гэта, наша мова будзе гучаць, квітнець. Слова – самае цудоўнае, што ў нас ёсць. Нам трэба берагчы яго, шанаваць і любіць, каб з гордасцю перадаць сваім дзецям, каб не парушыць гэту векавую сувязь. Я мару пра такі час, калі я буду ісці па вуліцах майго роднага горада і ад кожнага яго жыхара, ад самага маленькага і да самага сталага, буду чуць “такую прыгожую, звонкую, чыстую, як сонца, агністую, як Нёман, празрыстую” беларускую мову. А вось яшчэ прыгожыя радкі з верша Яўгена Крупенькі:
Слова маці! Цябе перадам я сынам.
Ты – мой скарб дарагі, найсвятлейшая спадчына.
За цябе, калі трэба, жыццё я аддам,
Толькі песня не моўкла б матчына.
Дык не дай загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове.
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў каледжы аформлены тэматычны стэнд , супрацоўнікамі бібліятэкі наладжана кніжная выстава “У родным слове – цэлы свет”, з навучэнцамі І курса праведзены конкурс “Знаўцы роднай мовы”.
-
Фото: Гуляй В.А.